БІЯГЕАХІМІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ,
біягеахімічныя цыклы, абмен рэчывам і энергіяй паміж рознымі кампанентамі біясферы. Абумоўлены жыццядзейнасцю арганізмаў і мае цыклічны характар. Тэрмін увёў у 1910-я г. рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які распрацаваў тэарэт. асновы біягеахім. цыклічнасці. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у прыродзе ўзаемазвязаны, складае дынамічную аснову існавання жыцця, а ў некаторых выпадках (кругаварот вугляроду, кіслароду, вадароду, фосфару, крэмнію і інш. біягенаў) з’яўляецца ключавым для разумення эвалюцыі і сучаснага стану біясферы. Рухаючыя сілы біягеахімічнага кругавароту рэчываў — энергія Сонца і дзейнасць жывога рэчыва (сукупнасці ўсіх жывых арганізмаў), што прыводзіць да перамяшчэння вял. масаў хім. элементаў, канцэнтравання і пераразмеркавання энергіі, акумуляванай у працэсе фотасінтэзу. Гасп. дзейнасць чалавека выклікае флуктуацыі біягеахімічнага кругавароту рэчываў праз парушэнне стану біягеацэнозаў і працэсаў біял. самарэгуляцыі прыродных сістэм.
т. 3, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)